Наши контакты:
Адрес: г. Брест, ул. Янки Купалы, 20/1
Индекс: 224020
Тел./Факс: 8 (0162) 46-17-87
Тел.: 8 (0162) 46-09-92
E-mail: boiro@brest-region.edu.by
Cхема проезда
Закрыть [X]


Главная | Сервис | Архив новостей


Архив новостей

07.08.2017
Фінансавая адукацыя: веды, неабходныя кожнаму


З 2015/2016 навучальнага года аддзел адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама разам з банкаўскімі структурамі раёна (ААТ “Беларусбанк”, ААТ “Белаграпрамбанк” і ААТ “Белінвестбанк”) штогод распрацоўвае план мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў у школах Бярозаўшчыны. Гэта новы напрамак работы ўстаноў адукацыі, абумоўлены сучаснымі запытамі: выпускнік павінен умець прыстасоўвацца да зменлівых эканамічных умоў, арыентавацца ў фінансавай сферы і нават быць гатовым да адкрыцця ўласнага бізнесу.

Т.А.Рункевіч удзельнічала ў трэнінгу трэнераў міжнароднага курса “Плануй сваю будучыню”. Ён праводзіўся ў рамках праекта “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі”, які рэалізуецца Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам у Мінску пры падтрымцы USAID. Трэнінг быў накіраваны на павышэнне фінансавай дасведчанасці эканамічна актыўнага насельніцтва Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцей. Акрамя таго, Т.А.Рункевіч удзельнічала ў праграме прафесійна-культурнага абмену агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, стажыравалася ў ЗША па тэме “Павышэнне фінансавай дасведчанасці насельніцтва”, а таксама прымала ўдзел у І конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі” з ініцыятывай “Стварэнне рэсурснага цэнтра фінансавай дасведчанасці насельніцтва” (на яго рэалізацыю быў атрыманы грант у памеры амаль 6,7 тысячы еўра).

- Наш партнёр па ініцыятыве цэнтр банкаўскіх паслуг № 106 ААТ “Беларусбанк” правёў сацыялагічнае апытанне жыхароў Бярозаўшчыны, якое паказала неабходнасць работы з насельніцтвам па павышэнні яго фінансавай дасведчанасці і актыўным выкарыстанні фінансавых паслуг, - расказвае Т.А.Рункевіч. – Паводле апытання, 14% грамадзян не карыстаюцца фінансавымі паслугамі, 47% - з’яўляюцца карыстальнікамі базавага ўзроўню і толькі 39% актыўна звяртаюцца да іх, прычым звязаны гэтыя паслугі пераважна з атрыманнем заробку і абавязковым страхаваннем. Крэдытнымі паслугамі ахоплена 34% насельніцтва, дэпазітнымі – 21%. Самыя актыўныя карыстальнікі фінансавых паслуг – жыхары гарадоў, а найменш актыўныя – сельскія жыхары. Моладзь часцей карыстаецца крэдытамі, а людзі старшага пакалення аддаюць перавагу ашчаднасці. Зыходзячы з гэтага, вучняў і педагогаў можна выкарыстоўваць у якасці камунікацыйнага канала па данясенні новых ведаў і ўменняў у галіне планавання сямейнага бюджэту і выкарыстання фінансавых прадуктаў і паслуг да астатніх узроставых груп, асабліва сельскіх жыхароў. Гэта патрабавала арганізацыі навучання фінансавай дасведчанасці школьнікаў, падрыхтоўкі педагогаў і стварэння цэнтра фінансавай дасведчанасці, які садзейнічаў бы фарміраванню адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы і задавальненню патрэб у сучасных тэхналогіях павышэння фінансавай дасведчанасці як настаўнікаў і вучняў, так і дарослага насельніцтва раёна. Такі цэнтр быў створаны на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы (кабінет аснашчаны неабходным тэхнічным абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі, кнігамі і вучэбна-метадычнымі матэрыяламі).

Па словах Т.А.Рункевіч, у 2015/2016 і 2016/2017 навучальных гадах з мэтай рэалізацыі раённага плана мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў і ініцыятывы па стварэнні адпаведнага рэсурснага цэнтра былі праведзены розныя мерапрыемствы з удзелам вучняў, педагогаў і дарослага насельніцтва раёна. Так, на базе цэнтра банкаўскіх паслуг № 106 ААТ “Беларусбанк” адбылося пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання дырэктараў устаноў адукацыі, прысвечанае стварэнню рэгіянальнай сістэмы па фарміраванні фінансавай дасведчанасці вучняў. Удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з арганізацыяй фінансавай дасведчанасці дзяцей і дарослых у ЗША, абмеркавалі магчымасці правядзення такой работы ў школах Бярозаўшчыны.

На базе сярэдняй школы № 3 Бярозы прайшоў навучальны семінар для педагогаў “Фінансавая дасведчанасць. Праграма “Афлатун”, падчас якога перад удзельнікамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі ААТ “Беларусбанк”, а рэгіянальны трэнер краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі С.І.Нікаленка правяла майстар-клас па праграме сацыяльна-фінансавай дасведчанасці “Афлатун”. Гэтая праграма разлічана на навучанне дзяцей ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў і накіравана на вырашэнне задач, звязаных з іх фінансавай дасведчанасцю і сацыяльнай адаптацыяй, засваенне базавых агульначалавечых каштоўнасцей, фарміраванне адказнасці за сваё жыццё, пачуцця ўласнай годнасці і павагі да правоў і свабод іншых людзей. На семінары педагогі не толькі знаёміліся з ключавымі элементамі праграмы, але і актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйным працэсе, выконвалі розныя заданні і практыкаванні, якія дазваляюць зрабіць навучанне дзяцей цікавым і дынамічным. Завяршыўся майстар-клас абаронай сацыяльных праектаў, распрацаваных настаўнікамі па прапанаваным алгарытме.

На працягу 2015/2016 навучальнага года былі праведзены 5 трэнінгаў для педагогаў з 5 школ “Плануй сваю будучыню”. Іх удзельнікі, працуючы ва ўмоўных сем’ях, разглядалі практычныя пытанні, якія тычыліся фінансавых мэт, руху фінансавых сродкаў, спосабаў і магчымасцей зберажэння грошай, планавання сямейнага бюджэту, складання і рэалізацыі фінансавага плана.

Летась прайшоў круглы стол “Павышэнне фінансавай дасведчанасці: для каго, навошта, як?” з удзелам намеснікаў дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і выхаваўчай рабоце з 25 школ, педагогаў, якія вядуць факультатыўныя заняткі па фінансавай дасведчанасці, і прадстаўнікоў ААТ “Беларусбанк” і ААТ “Белінвестбанк”. Праз агляд работы Славакіі, Малдовы і Украіны ўдзельнікі азнаёміліся з сучаснымі падыходамі да арганізацыі фінансавай і эканамічнай дасведчанасці дзяцей і навучэнскай моладзі. Працуючы ў групах, педагогі вызначылі перспектывы развіцця рэгіянальнай сістэмы па фарміраванні фінансавай дасведчанасці вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў праз выкарыстанне магчымасцей рэсурснага цэнтра фінансавай дасведчанасці насельніцтва.

- Калі ў 2015/2016 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічалі 8 факультатываў па фінансавай дасведчанасці вучняў 5 – 6 і 9 – 11 класаў (“Асновы эканамічных ведаў”, “Асновы прадпрымальніцтва”, “Сям’я ў свеце эканомікі” і “Вытворчасць і гандаль”) і адно аб’яднанне па інтарэсах “Эканоміка. Першыя крокі” для вучняў 3 класа, то ў 2016/2017 навучальным годзе – 12 факультатываў для вучняў 5 – 11 класаў і два гурткі “Эканоміка. Першыя крокі” для вучняў 3 – 4 класаў, - адзначае Т.А.Рункевіч. – У пачатку навучальнага года школы разам з супрацоўнікамі ААТ “Белаграпрамбанк” праводзяць акцыю па ўручэнні пяцікласнікам кнігі “Твае першыя фінансы”. Штогод вучні Бярозаўшчыны становяцца прызёрамі абласной алімпіяды па асновах фінансавай дасведчанасці сярод старшакласнікаў. Дзякуючы актыўнай падтрымцы ААТ “Беларусбанк”, ААТ “Белаграпрамбанк” і ААТ “Белінвестбанк”, на працягу апошніх гадоў праводзіцца аналагічная раённая алімпіяда, але для вучняў 8 – 9 класаў. Колькасць удзельнікаў гэтага спаборніцтва з году ў год павялічваецца. Акрамя таго, на базе банкаў-партнёраў праходзіць гульня-квест “Фінансавае арыентаванне” для вучняў 9 – 11 класаў Бярозы. Падчас гульні каманды выконваюць заданні па краязнаўстве, гісторыі горада і фінансавай тэматыцы.

У пачатку кожнага навучальнага года для школьнікаў раёна арганізоўваюцца экскурсіі ў банкі Бярозы і Белаазёрска, а таксама ў іх філіялы ў аграгарадках (“Дом, дзе жывуць грошы” – для вучняў 4 – 7 класаў, “Знаёмства з функцыянальнай прасторай і арганізацыйнай структурай банка” – для вучняў 8 – 11 класаў). Падчас мерапрыемстваў дзеці атрымліваюць інфармацыю пра работу банкаматаў і плацёжных тэрміналаў, знаёмяцца з дзейнасцю розных аддзелаў банкаў і спецыфікай працы банкаўскіх работнікаў.

- Банкаўскія спецыялісты праводзяць для школьнікаў навучальныя лекцыі ў банках і ўстановах адукацыі на тэмы “Гісторыя грошай”, “Наяўныя і безнаяўныя разлікі: іх перавагі і недахопы”, “Як правільна зберагчы і прымножыць асабістыя фінансы”, “Як дасягнуць фінансавай мэты і разлічыць час для яе ўвасаблення”, “Што такое асабісты фінансавы план”, “Умовы атрымання крэдытаў”, “Разлік працэнтаў па крэдыце”, “Для чаго патрэбна плацёжная картка” і “Што такое картка вучня”, - расказвае Т.А.Рункевіч. – У банках вучні атрымліваюць розныя буклеты: “Міжнародныя карткі”, “Дрэйфуйце ў інтэрнэце!”, “Дыстанцыйнае банкаўскае абслугоўванне” і інш. У рамках штогадовага тыдня фінансавай дасведчанасці ва ўстановах адукацыі праводзяцца розныя мерапрыемствы (з улікам узросту вучняў): раённы конкурс малюнка “Грошы – гэта сур’ёзна”, выставы літаратуры ў школьных бібліятэках на тэмы “Дзіўная краіна – эканоміка”, “Грошы і дабрабыт” і “Падарожжа ў краіну Капіталія”. Для малодшых школьнікаў ладзяцца сюжэтна-ролевая гульня “Пагуляем у краму”, гульня-практыкум “Колькі каштуе” і “Падлічым”, гульня “Эканоміць і берагчы мы вучымся разам”, класная гадзіна “Сакрэты дамашняга бюджэту”, мультурок “Я ўмею эканоміць”, віктарына “Эканоміка ў прыказках і прымаўках”, інфармацыйныя гадзіны “Гісторыя ўзнікнення грошай” і “Прафесія банкіра”, для вучняў 5 – 8 класаў – заняткі-практыкумы “Як планаваць свой бюджэт”, дыспут “Кішэнныя грошы: за і супраць”, класныя і інфармацыйныя гадзіны “Ведай свае грошы! Наша нацыянальная валюта”, “Я магу сэканоміць” і “Вучымся траціць”, для вучняў 9 – 11 класаў – класныя і інфармацыйныя гадзіны “Мае матэрыяльныя рэсурсы”, “Жаданае і неабходнае ў маім жыцці”, “Грошы і дабрабыт” і “Падатковая сістэма Беларусі”, урок-практыкум “Як размеркаваць сямейны бюджэт?”, дыскусіі “Што прыцягвае моладзь у бізнес?” і “Чаму грошай увесь час не хапае?”, дзелавая гульня “Стварыць фірму” і камп’ютарная гульня “Фінансавы футбол”. Вучні праводзяць сярод дарослага насельніцтва Бярозы флэшмобы “Сябруй з фінансамі” пад дэвізам “Мары – у жаданні! Жаданні – у планы! Планы – у жыццё!”. Юныя валанцёры звяртаюць увагу жыхароў горада на важнасць беражлівых адносін да сваіх фінансаў, прыродных рэсурсаў і рэчаў, распаўсюджваюць буклеты з інфармацыяй пра неабходнасць планавання сямейнага бюджэту, асаблівасці адносін да грошай, назапашвання і страхавання, а таксама праводзяць апытанні.

Летась у школах раёна быў праведзены маніторынг узроўню фінансавай дасведчанасці вучняў 9 – 10 класаў. Па выніках анкетавання 68% дзяцей адзначылі, што за неабходнай інфармацыяй па фінансавых паслугах ці прадуктах будуць звяртаюцца найперш у інтэрнэт, 35% - да родных і сяброў, 10% - да настаўнікаў. Больш за 90% вучняў лічаць мэтазгодным навучанне школьнікаў асновам фінансавай дасведчанасці ў рамках вучэбных прадметаў (матэматыкі, грамадазнаўства і інш.) і факультатыўных заняткаў. Сярод пытанняў па фінансавай дасведчанасці старшакласнікаў цікавіць найперш інфармацыя пра заробак, карыстанне паслугамі фінансавых арганізацый (крэдыты, дэпазіты, акцыі, аблігацыі), электронныя плацяжы і паслугі, планаванне сямейнага бюджэту. 75% рэспандэнтаў адзначылі, што маюць у наяўнасці кішэнныя грошы, якія звычайна трацяць наступным чынам: 44% - адкладваюць і назапашваюць, 41% - набываюць ежу і прысмакі, 30% - аддаюць на забавы і хобі. Для павелічэння памеру кішэнных грошай 62% вучняў хацелі б працаўладкавацца на канікулах.

Летась з удзелам выпускнікоў праграмы прафесійна-культурнага абмену “Павышэнне фінансавай дасведчанасці” агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і ва ўзаемадзеянні з банкамі і вядомымі страхавымі кампаніямі краіны на базе сярэдняй школы № 3 Бярозы прайшоў раённы дзень фінансавых ведаў, падчас якога працавалі 5 секцый для дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. У рамках іх работы былі праведзены конкурс малюнкаў “Мая скарбонка” для вучняў 1 – 5 класаў, гульні “Фінансавы брэйн-рынг” для вучняў 8 – 9 класаў і “Фінансавы футбол” для старшакласнікаў, трэнінг “Плануй сваю будучыню” і інфармацыйная гадзіна па страхаванні.

- Дзейнасць рэсурснага цэнтра фінансавай дасведчанасці запатрабавана, - гаворыць Т.А.Рункевіч. – На базе яго праходзяць гульні, конкурсы, віктарыны, семінары і алімпіяды па фінансавай дасведчанасці і прафарыентацыі школьнікаў. Наладжана ўзаемадзеянне з цэнтрам фінансавай дасведчанасці вучняў кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту БрДТУ, факультэтам банкаўскай справы ПалесДУ і кабінетам эканомікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Працягваецца супрацоўніцтва з Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам у Мінску, банкаўскамі і страхавымі структурамі раёна. Усё гэта дапамагае арганізаваць фінансавую адукацыю вучняў на належным узроўні. У планах – актывізацыя супрацоўніцтва з некамерцыйнымі і грамадскімі арганізацыямі Бярозаўшчыны па фінансавай дасведчанасці школьнікаў, удзел устаноў адукацыі ў Global Many Week і іншых міжнародных праектах, далучэнне вучняў да сацыяльна значнай дзейнасці і развіццё іх прадпрымальніцкіх кампетэнцый праз стварэнне вучэбных бізнес-кампаній на базе школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама далейшае павышэнне цікавасці дарослага насельніцтва да пытанняў фінансавай дасведчанасці і эканамічнага выхавання дзяцей праз узаемадзеянне з бацькамі і далучэнне іх да тэматычных мерапрыемстваў. Сёння фінансавыя веды такія ж неабходныя, як уменне чытаць, пісаць і лічыць.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.


Image1
 
 
 

Конкурсы


"Бобёр-2016"

 

IT-Граница

 

Последние изменения

[13.06.17] Обновлен раздел "Дошкольное образование"


[29.05.17] Обновлен раздел "Воспитательная работа"

[03.05.17] Обновлен раздел "Дошкольное образование"

Новости

07.08.2017
Фінансавая адукацыя: веды, неабходныя кожнаму

- Сучасны свет немагчыма ўявіць без грошай, - гаворыць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама Т.А.Рункевіч. – Веды пра грошы з’яўляюцца вельмі важнымі, бо людзі карыстаюцца імі амаль кожны дзень, разлічваючыся за пакупкі і паслугі. Але далёка не ўсе могуць з упэўненасцю сказаць, што ўмеюць добра распараджацца грашыма і ведаюць, куды іх правільна накіраваць і як прымусіць працаваць. Таму сёння ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням павышэння фінансавай дасведчанасці насельніцтва.

подробнее...

03.08.2017
Супрацоўніцтва дзеля агульнай карысці

У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава ўпэўнены, што без цеснага ўзаемадзеяння з іншымі ўстановамі адукацыі, у тым ліку замежнымі, немагчыма ісці ў нагу з часам. Супрацоўніцтва дапамагае наладжваць прафесійныя зносіны, павышае якасць адукацыйнага працэсу, скіроўвае педагогаў да абмену вопытам і пастаяннага самаразвіцця.

подробнее...

01.08.2017
Для павышэння прафесійнай кампетэнцыі выхавальнікаў ГПД

Важную ролю ў развіцці індывідуальных здольнасцей дзяцей адыгрывае іх узаемадзеянне з педагогам. Эфектыўнасць такога ўзаемадзеяння залежыць ад яго прафесіяналізму, творчага патэнцыялу, крэатыўнасці і педагагічнай тэхнікі, якая ўяўляе сабой сукупнасць прафесійных уменняў, навыкаў і прыёмаў педагагічнага ўздзеяння. Гэтымі важнымі якасцямі валодаюць многія выхавальнікі груп прадоўжанага дня нашага раёна, але многія з іх не ўмеюць дастойна прэзентаваць сваю прафесійную дзейнасць. А гэта адзін з важных складнікаў поспеху сучаснага педагога.

подробнее...

25.07.2017
Казка развівае і выхоўвае

Педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч знаходзяцца ў пастаянным пошуку найбольш эфектыўных метадаў і прыёмаў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

подробнее...

24.07.2017
У інавацыйным рэжыме

- Пяць гадоў назад, калі педагогі нашай школы пачалі рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інтэнсіўнай прафарыентацыі”, пра арганізацыю профільнага навучання ў старшых класах гаворка яшчэ не вялася. Галоўным паказчыкам выніковасці рэалізаванага праекта стала ўвядзенне ў школах краіны з 2015/2016 навучальнага года профільнага навучання і арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі. Такім чынам, праект даказаў сваю мэтазгоднасць і эфектыўнасць, - расказвае дырэктар Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Алена Георгіеўна Гардзей.

подробнее...


 

Полезные ссылки:

Министерство образования Республики Беларусь

HitMeter